Раздзел 00 - Уводзіны

За больш чым дваццаць гадоў выкладання рэжысуры дакументальнага кіно я сабрала шмат матэрыялаў, якія былі прыдатныя ў навучанні: тэксты дакладаў, фільмы для аналізу, дыскі з практыкаваннямі, урыўкі з кніг. Апошнім часам я была вымушаная ўвесь час чагосьці шукаць, звяртаючыся да сваіх нататкаў. Таму я падумала, што сабраць усё гэта ў адзін зручны канспект (лёгкі ў пераносцы) будзе добрым рашэннем для мяне і маіх студэнтаў. Апрача таго, плён гэтай праграмы ў выглядзе студэнцкіх эцюдаў і фільмаў быў заўважаны ў Польшчы і за мяжой і умацаваў маё перакананне, што, магчыма, варта захаваць гэты метад і прапанаваць яго зацікаўленым.

З чаго складаецца гэтая праграма? Перш за ўсё – з майго ўласнага досведу, асабліва ў стварэнні партрэта чалавека, атрыманага на кіназдымках і падчас навучання. Яшчэ студэнткай першага курсу Кінашколы я ведала, што хачу рабіць і пра што гаварыць, але не ведала, як і з чаго будаваць свае выказванні – мае першыя фільмы. Мне цяжка было прызнацца, што я не ведаю, што такое кадр, з чаго ён складаецца; як назіраць і фіксаваць рэчаіснасць перад камерай, так каб кадры не ўзаемавыключаліся падчас мантажу. І толькі ўласны, нялёгкі шлях навучыў мяне дакументалістыцы, яе прынцыпам і магчымасцям.

Мая праграма заснаваная на грунтоўным вызначэнні мовы кінадакументалістыкі і пазнанні яе сутнасці, якая, на маю думку, заключаецца ў адносінах чалавека і рэчаіснасці, а таксама ў назіранні як галоўным дакументальным метадзе. Досвед, правераныя прынцыпы, атрыманыя ў гэтай сферы, можна прымяніць у любой, не толькі польскай рэчаіснасці, у іншых рэаліях, а таксама ў розных жанрах кінадакументалістыкі.

Таму канспект павінен утрымліваць інфармацыю аб прадмеце, матэрыі і метадах кінадакументалістыкі, і ў той жа час падказкі - дзе шукаць тэмы, як глядзець на рэчаіснасць, як бачыць у ёй чалавека. Я не прапаную тут падрабязнай гісторыі кіно, але выбіраю фільмы некаторых рэжысёраў, якія лічу істотнымі і вельмі прыдатнымі для аналізу і параўнання. Яны дазваляюць зарыентавацца ў матэрыі дакументальнага кіно.

Гэты канспект я адрасую найперш студэнтам (для іх ён будзе служыць дапаўненнем да рэалізаванай праграмы), але і людзям, якія займаюцца навучаннем. Для іх гэта будзе прэзентацыя праверанага метаду, які можна выкарыстаць, развіць, прыстасаваць да сваіх патрэбаў. Было б ідэальна, калі б ён быў выкарыстаны маімі былымі студэнтамі, якія становяцца педагогамі. Гэта была б пераемнасць у найлепшым сэнсе гэтага слова.

Выкладзеныя на інтэрнэт-старонцы фільмы ілюструюць усе мае падказкі і прапанаваныя практыкаванні. Таксама іх можна разглядаць як правераныя спосабы кіназдымкаў і як заахвочванне да стварэння ўласных практыкаванняў-фільмаў. Як карыстацца дапаможнікам? Раздзел I і II утрымліваюць кароткі гістарычны нарыс – асноўную інфармацыю для ўсіх. Інфармацыя пра матэрыю дакументальнага кіно вы знойдзеце ў раздзеле III, а рэжысура і асноўныя пытанні, якія яе суправаджаюць – тэма раздзелаў IV і V. Раздзел VI утрымлівае падказкі да працы з героем (важная інфармацыя для студэнтаў). Пытанні, звязаныя з аўтарскай праграмай (для тых, хто займаецца навучаннем) – асновы, прыклады практыкаванняў і фільмы, знятыя ў рамках гэтай праграмы, апісаныя ў раздзелах VII і VIII. У Дадатку размешчаныя фільмы, практыкаванні і іх апісанне (для ўсіх).

Напрыканцы я хацела б прыгадаць людзей, з якімі працавала і з якімі з 1988 г. рэалізую гэтую праграму.

Дзённае навучанне: Тадэуш Палка, Станіслаў Грабоўскі, Войцех Мацееўскі, Малгажата Заёнц; з 2007 г. – Марыя ЗмажКачановіч.

Завочнае навучанне (тэлебачанне і журналістыка): Генрык Рышка, Януш Тыльман; з 2009 г. - Юзэф Ромаш.

Асістэнты: Марыюш Фронт, Лукаш Барчык, Івона Секежыньска, Мацей Адамэк, Анна Рэмбоўска, Люсі Олвуд, Славамір Кальвінэк, Даніэль Святлы. Апошняму я абавязаная стварэннем гэтага дапаможніка і прысвячаю яму сваю працу.

Гражына Кэндзеляўска